Хуткай хадою у кедах па зямлі – асфальце – плітцы – зноў асфальце. Бардзюр – раздзяляльная паласа – бардзюр... на чырвонае святло На фортцы расцягнуўся рыжы кот. Драўляная лесвіца пад каштанам. Едзе машына з дзіцячай каляскай на даху. Пахне скошанай травою і гарачым нядаўна пакладзеным асфальтам. Вечаровае сонца залаціць сточныя трубы дамоў. Даўно не было ў мяне шпацыраў па горадзе...
Раптам бачу ў парку танцы для тых, хто малады душою. Пары бабуль і дзядуль, кола і... нейкія знаёмыя рухі. Прыглядаюся. Гэта ж “пад іспанку”! Адзін з тых танцаў, якім Ілля вучыў нас на варштатах. І тут накаціла! Успаміны... Асабліва пра маю партнэрку – Марціну з Польшы... Як яна зараз? Трэба напісаць. А яшчэ падумалася: як цудоўна, што дзесь у Польшы, Украіне, Беларусі, Чэхіі і Расеі ёсць моладзь, якая ведае гэты танец, якая можа стаць у кола і “ліва, права і паварот” Пераемнасць вопыту пакаленняў, спадчыннасць – як цудоўна адчуваць, што ты частка гэтага ланцужка. Нішто не знікне бясследна!