* * *

Яшчэ да свайго нараджэння

мая душа

гуляла ў карты з Лёсам

і перамагла.

Лёс абяцаў узнагародзіць яе.

Вось цяпер,

гледзячы на цябе,

я думаю:

“Можа,

ён ужо зрабіў гэта?”.





* * *

Збіраю тваю дабрыню па хвілінках,

Па момантах шчасця сустрэчы з табой.

І таю у мараў салодкіх абдымках.

Збіраю тваю дабрыню па хвілінках.



Не мой...

Але веру ў кахання іскрынку.

Твой позірк мяне сагравае зімой.

Збіраю тваю дабрыню па хвілінках,

Па момантах шчасця сустрэчы з табой.



* * *

Пакласці б твой позірк

пад працэнты ў банк,

каб потым атрымаць

светлае і чыстае пачуццё.

Але яшчэ не вынайшлі

такіх працэнтаў,

але яшчэ не вынайшлі

такога банку,

але яшчэ не вынайшлі

такога пачуцця.