сёння Дзяды
у мяне мала родных там, на небе, якіх бы я помніла
толькі дзве прабабкі
бабулечка Тая
(у яе такое пяшчотнае, такое шчымлівароднае для любога беларуса прозвішча - Васількова... было...). Я помню, як яна расказвала мне казкі, як упершыню ад яе пачула прыпеўку "у сарокі балі, у вароны балі, а ў Каценькі зажыві"... І абразкі ў вуглах невялічкага пакойчыку вясковай хаціны, упрыгожаныя банцікамі з фанцікаў з-пад цукерак. І як малой, мне падабалася за бабулечкай кавалкі мякіны чорнага хлеба кідаць у суп і так есці. Я думала, так смачней, і не разумела, што ў бабулі іншая прычына так рабіць...
бабулечка Матрона
яе я амаль зусім не помню. Толькі яркую баваўняную хусціну з пунсовымі ружамі і кацянят, якіх заўжды было многа ў ейнай хаце. Яна, як і бабуля Тая, не ведала адпачынку: прала, ткала, вышывала...
І той, і другой выпаў цяжкі лёс вясковай жанчыны: цягнуць гаспадарку без гаспадара, выхоўваць дзяцей.
Хай ім там адпачываецца весела, лёгка і мірна.
Дзякуй за ўсё!